МЕТАМАРФІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
пароды, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму. Адрозніваюць пара- і ортаметамарфічныя пароды, што ўзніклі адпаведна пры метамарфізме асадкавых і магматычных парод. М.г.п. падзяляюцца на рэгіянальна-метамарфічныя (утвараюцца вял. аб’ёмы парод, вызначаюцца фацыяльнымі адрозненнямі: гранулітавая і амфібалітавая фацыі пры высокіх т-рах і ціску, зялёнасланцавая — пры нізкіх т-рах, нязначных глыбінях і цісках; а таксама сланцавымі і слаістымі структурамі, напр., амфібаліты, крышталічныя сланцы, гнейсы) і кантактава-метамарфічныя (малыя аб’ёмы, вакол магматычных цел, на невял. глыбінях, пры лакальна высокіх т-рах, канцэнтрычная занальнасць, характэрны рагавікі, мармуры, скарны, грэйзены, наждакі і інш.). Паводле хім. асаблівасцей М.г.п. падзяляюцца на вытворныя гліназёмістых (метапеліты), асноўных магматычных (метабазіты), асадкавых (парагнейсы, параамфібаліты) і карбанатных (кальцыфіры, мармуры) парод. Пры дыслакацыйным метамарфізме ўзнікаюць катаклазіты, міланіты, бластаміланіты і інш.
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)